Конкурс эсэ

Георгій Марчук – мой зямляк

 

Дастаткова імгнення, каб стаць героем,

але неабходна цэлае жыццё, каб

стаць вартым чалавекам.

                                 Поль Брула 

 

Часта разважаю на тэму: што значыць быць чалавекам? Прымерваю сябе да людзей, людзей розных прафесій, званняў, сацыяльнага статусу. На маю думку, чалавека стварае прырода, але развівае і фарміруе яго сям’я і грамадства. Але ў само паняцце “быць чалавекам” кожны ўкладвае сваё значэнне. І ад таго у большай ступені залежыць, як чалавек адносіцца да людзей, прыроды, Радзімы, якія яго ўчынкі, паводзіны, матэрыяльныя і духоўныя цэннасці. Часам, гэта вельмі ўплывае на ход самога жыцця. У маім разуменні, быць чалавекам – гэта значыць мець высокамаральныя якасці.

  Яшчэ ў маленстве вялікі ўплыў на фарміраванне асобы робяць родныя і блізкія людзі. Немалаважна тое, якія маральныя каштоўнасці існуюць у сям’і, якія духоўныя ўстаноўкі перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

   На прыкладзе жыцця і дзейнасці свайго пісьменніка-земляка Георгія Марчука я яшчэ раз упэўніваюся: жыць трэба для сям’і, для людзей. І гэта праўда, што жыццё чалавека цесна звязана з жыццём малой радзімы і роднай краіны. Ты заўсёды у адказе за тое, як развіваецца, квітнее твая зямля.

 Я ганаруся, што недалёка ад маёй вёскі нарадзіўся цудоўны драматург, празаік, публіцыст, сцэнарыст, філосаф Георгій Марчук. Чытала творы яго. Вялікае ўражанне на мяне зрабілі навелы “Давыд-Гарадоцкія каноны”. Для параўнання прачытала і некаторыя біблейскія каноны – кнігі Бібліі, якія больш аўтарытэтныя за ўсе іншыя напісаныя крыніцы, якія даюць правілы як веры, так і жыцця. Упэўнілася, што ў навелах-канонах Г. Марчука канкрэтнае, побытавае таксама цесна пераплятаецца з сакральным, духоўным. Ён прысвячае свае каноны самым дарагім мясцінам, самым блізкім людзям, самым цікавым і таму запамінальным момантам жыцця, самым важным паняццям – складальнікам лёсу чалавека. А лёс Георгія Марчука цесна звязаны з лёсам яго малой радзімы – горадам Давыд-Гарадком. Ніхто да яго так не ўслаўляў горад, раку Гарынь, гардчукоў, як ён. Рака, на думку пісьменіка, “памочніца”, “ціхая гаспадыня гарадка”, але разам з тым і “сімвал вечнага жыцця”, “таямніца”, “райская асалода”, вялікая гордасць. Хто, акрамя гарадчукоў, пахваліцца такой прыгажуняй? Рака схіляе  да роздуму аб жыцці

і яго хуткаплыннасці, дапамагае асэнсаваць кошт радасці і гора. Каб так пісаць пра свой куток, сваю малую радзіму, трэба вельмі яе любіць, быць назіральным, быць удзячным сынам сваёй зямлі. 

Радзіма для Г.Марчука – гэта яго родны дом, вёска ці горад, іх вуліцы. І калі ўжо гаварыць пра вуліцу, то яна для яго не тое асяроддзе, што сваёй некультурнасцю, нявыхаванасцю дрэння ўплывала на яго – сёння часта даецца негатыўная ацэнка ўплыву вуліцы на фарміраванне асобы,  – а месца, дзе яго навучалі дабру: “Нашто  забіў жабу?”.. Тут можна было пагуляць у футбол, пажартаваць, павесяліцца з сябрамі, убачыць вясельныя працэсіі. І аўтар звяртае нашу ўвагу на тое, што галоўныя каштоўнасці чалавечага жыцця,

асэнсаваныя чалавекам у дзяцінстве, застаюцца непарушнымі ў далейшым складаным жыцці. Бачу, глыбока ў памяці Г.Марчука заселі самыя дробязныя, самыя незабыўныя ўспаміны пра свой Давыд-Гарадок, гарадчукоў, іх традыцыі, звычаі, норавы. Аўтар з гонарам апісвае сваіх землякоў. Ён хоча данесці да чытача асаблівасці быту землякоў, іх заняткі, паводзіны, своеасаблівасць характару, адказнасць за выхаванне маладога пакалення. Здзіўляе мяне тое, з якой любоўю ён ухваляе вуліцу і паказвае своеасаблівую сувязь паміж вуліцай, царквой і школай. Упэўнівае, што менавіта яны – вызначальная школа чалавечага жыцця. Вуліца выяўляе таленты, школа садзейнічае іх развіццю, рупіцца прывіць звычку да працы і прыстойнасці, царква натхняе заняпалых духам вярнуцца на шлях дабрадзейнасці. А з якой любоўю ён прамаўляе словы: “Не шукай сабе новых сяброў, лепшых за школьных, іх усё роўна не будзе”. У словах чуецца ўдзячнасць за ўсё, што вынес ён з родных мясцін. А колькі любові і ласкі Г.Марчук выказаў у “Каноне Маці” роднаму чалавеку – сваёй маці! Словы адрасаваны ў вечнасць, але ў танальнасці твора прасочваецца журботная ўдзячнасць Той, што прывяла сына “на Божы свет, узяла за руку, паказала вуліцы, царкву… магілы продкаў”. Які ж удзячны сын! Ён падарыў сваёй маці бессмяротнасць, бо яе аблічча, “партрэт і характар”, тымі ці іншымі рысамі заўсёды прысутнічае ў яго творах як самая важная частка роднага свету, з якім герой не хацеў бы разлучацца і пасля заканчэння свайго зямнога шляху. Г. Марчук уздымаецца да роздуму над вечнымі пытаннямі жыцця чалавека, ад клопатаў яго зямнога існавання да адчування іншабыцця ў вечнасці. Пісьменнік дзеліцца ўласным разуменнем таго, што шлях да вечнасці ляжыць праз удзячную памяць. Дзівуюся, наколькі моцна трэба любіць сваю малую радзіму, каб мець жаданне тут і пасля смерці  застацца. Ён хоча,  каб “паклалі ля царквы, каб хоць духам, ценем, а ўсё быць бліжэй да Гарыні хуткаплыннай, Царкоўнай гары, роднай вуліцы ”. Яму хочацца, каб заўжды было побач усё тое, “вечна зменлівае і пастаяннае ў нязменнасці, што ўтварыла характар, паўплывала на пачуцці і замацавала адметнае”. Яшчэ раз упэўніваюся, што мой зямляк Георгій Марчук – сапраўдны сын сваёй зямлі, які выхаваны добрым чалавекам, у хрысціянскай веры і любові да Бога і людзей, любові да сваіх вытокаў: горада Давыд-Горадка, ракі Гарыні, гарадчукоў, роднай вуліцы, сваіх аднакласнікаў, знаёмых людзей, блізкіх, родзічаў, роднай хаты, роднай маці. Здаецца мне, такі просты чалавек, а сапраўдны чалавек, якім магу ганарыцца, сапраўдны майстар мастацкага слова, які праславіў не толькі свой род, але гарадчукоў, мой раён на ўсю краіну і, нават, на цэлы свет. 

 У старажытнай Індыі казалі: “Для дабра іншых цякуць рэкі, для дабра іншых пладаносяць дрэвы, для дабра іншых жывуць высакародныя людзі”. Высакародны, чалавечны мой зямляк Георгій Марчук, а гэта і ёсць сапраўдныя якасці чалавека.

Выканала Комар Іна, вучаніца ХІ класа