Школьный музей

Даведнік па гісторыка-краязнаўчым музеі в. Дубай

Гісторыка-краязнаўчы музей в. Дубай адкрыты 24 лютага 1990 года. Стваральнікам музея з’яўляецца настаўнік гісторыі Вярэніч Канстанцін Рыгоравіч, ураджэнец в. Дубай, ветэран Вялікай Айчыннай вайны.

Кіраўніцтвам школы для размяшчэння экспазіцый музея выдзелена памяшканне агульнай плошчай 48 кв. м.

Экспазіцыі музея прадстаўлены наступнымі раздзеламі:

  1. Гісторыя вёскі, у якім выдзелены наступныя падраздзелы:

1.1. Мілаградская культура (VI –V ст. да н. э.).

1.2. У складзе ВКЛ.

1.3. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год).

1.4. Адмена прыгоннага права.

1.5. Рэвалюцыя 1905 года і рэформа Сталыпіна 1906 года.

1.6. Пад уладаю Польшчы.

1.7. Вялікая Айчынная вайна.

1.8. Першыя калгасы.

1.9. Сацыяльна-эканамічнае развіццё.

  1. Падарункі Мілячскай СШ (Ровенская вобласть, Украіна).
  2. Стэнды ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.
  3. Прадметы быту (першабытнага і феадальнага перыядаў).
  4. Вугалок “Сялянская хата”.
  5. Фотаальбомы.

Засяленне чалавекам тэрыторыі Беларусі адносіцца да эпохі каменнага веку. Вялічэзны гістарычны перыяд быў непісьменным сведкам старажытнай культуры людзей, якія насялялі тэрыторыю Беларусі. На поўдні Беларусі ля в. Дубай  Ю.У. Кухарэнкам былі раскапаны курганныя могільнікі VI-V ст. да н. э. Гэты перыяд пакінуў нам амаль выключна рэчавыя археалагічныя помнікі. У курганах знойдзены сасуды мілаградскіх форм і форм, характэрных для высоцкай культуры. У экспазіцыі прадстаўлены наступныя экспанаты: каменныя сякеры і малаткі, наканечнікі для зброі, рэшткі глінянай керамікі і інш.

У 20-я гады XIV стагоддзя ўсталявалася ўлада Літвы над Турава-Пінскім княствам. У яго склад уваходзіла в. Дубай-Зарэчны. Пераход зямель і насельніцтва княства пад уладу Літвы забяспечваў абарону насельніцтва ад полчышч Залатой Арды. Сяляне ў большасці былі прыгоннымі. Пасля Люблінскай уніі 1569 года в. Дубай-Зарэчны ўвайшла ў склад Рэчы Паспалітай.

У выніку аб’яднання беларускіх зямель з Расіяй у 1795 годзе закончылася эпоха польска-літоўскай дзяржавы, в. Дубай-Зарэчны была перададзена памешчыку Кіневічу, ад якога яна дасталася па імянному ўказу імператара Мікалая I сапраўднаму стацкаму саветніку Спасскаму, пры якім і было адменена прыгоннае права. У 1872 годзе жыхары в. Дубай-Зарэчны выкупілі зямлю і сталі вольнымі хлебаробамі. У экспазіцыі гэтага перыяду знаходзяцца наступныя экспанаты: вагі, сякера (шклюд), нож для нарыхтоўкі торфу, серп, наканечнік для сахі, наканечнік для глабін і інш.

Да сталыпінскай рэформы царскі ўрад імкнуўся захаваць сялянскую абшчыну. Пасля рэвалюцыі 1905 году погляд на гэтае пытанне ва ўрадавых кругах змяніўся. Каб скончыць з аграрнай рэвалюцыяй у Расіі было прызнана неабходным разбурыць абшчыну. У 1906 годзе царскія ўлады ўсімі мерамі прымушалі сялян праз спецыяльна створаныя землеўпарадкавальныя камісіі да выхаду з абшчын. У сілу закона ад 9 лістапада 1906 года памешчык маёнтка  Дубай Родзянко пачаў распрадажу абшчынных зямель в. Дубай. Так, з 1906 па 1914 год на тэрыторыі  абшчынных зямель імення в. Дубай з’явіліся хутары Загор’е, Забалацце, Вулька, Арэя, Курган. Памешчыкам было прададзена заможным сялянам в. Дубай і сялянам іншых вёсак каля 5 тысяч дзесяцін зямлі.  У экспазіцыі гэтага перыяду знаходзяцца наступныя экспанаты: даўгавая распіска, распіска аб выкананні павіннасці, дакументы аб выплаце плацяжоў у карысць царквы, судовыя дакументы жыхароў в. Дубай-Зарэчны з уладальнікам маёнтка Дубай.

У 1918 годзе жыхары в. Дубай, былыя салдаты царскай арміі, арганізавалі партызанскі атрад, які затым увайшоў у склад Палесскага паўстанцкага палка. Актыўнымі стваральнікамі гэтага атрада былі Каральчук Раман Сцяпанавіч, Прус Аваакум Лазаравіч, Абразей Яўхім Якімавіч, Бутыла Емельян Антонавіч, Кірдзей Раман Іосіфавіч, Лакіза Ілья, Прус Васіль і інш.

Улада буржуазна-памешчыцкай Польшчы ў в. Дубай усталявалася ў пачатку 20-х гадоў XIX стагоддзя. З першых дзён устанаўлення ўлады польскіх паноў пачалася распрадажа земель былога імення Дубай. Акрамя памешчыцкіх зямель, польскія ўлады пачалі распрадажу зямель, якія знаходзіліся ў абшчынным карыстанні сялян. На тэрыторыі в. Дубай з’явіліся польскія “асаднікі” – асобы польскай нацыянальнасці, якія атрымалі ад улад зямлю сялян.

З першых дзён устанаўлення ўлады польскіх паноў у в. Дубай была адкрыта пачатковая школа, у якой дзеці сялян навучаліся на польскай мове. У школе навучалася каля 40 дзяцей. Пасля заканчэння пачатковай школы ніхто з вучняў, якія яе закончылі, далей не вучыўся. Дзеці заставаліся працаваць разам з бацькамі на зямлі. Ні адзін чалавек в. Дубай не меў сярэдняй адукацыі, а пра вышэйшую ніхто і не марыў. У экспазіцыі гэтага перыяду прадстаўлены наступныя экспанаты: дакументы аб куплі зямлі сялянамі ў польскі перыяд, пасведчанне аб заканчэнні польскай школы.

У 1939 годзе ў канцы верасня ў в. Дубай увайшлі салдаты Чырвонай Арміі. Народ іх сустрэў хлебам-соллю. Была ўсталявана Савецкая ўлада. Першым старшынёй сельскага савета ў в. Дубай быў выбраны Каральчук Раман Сцяпанавіч, у мінулым актыўны змагар за ўстанаўленне Савецкай улады на Століншчыне, адзін з членаў Палескага паўстанцкага палка.

Жыхары в. Дубай актыўна ўдзельнічалі ва ўз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР. Восенню 1939 года ў г. Гродна адбыўся з’езд Заходне-Беларускіх дэпутатаў, дзе было прынята рашэнне аб уз’яднанні. Ад жыхароў в. Дубай дэлегатам на з’ездзе быў Канапліцкі Антон Міхайлавіч.

Восенню 1939 года ў в. Дубай была адкрыта школа-шасцігодка, хата-чытальня, бібліятэка. З’явілася магчымасць займацца мастацкай самадзейнасцю, якой кіраваў дырэктар школы.

Пачалі працаваць вячэрнія курсы па ліквідацыі непісьменнасці. Была створана камсамольская арганізацыя. Першымі камсамольцамі былі Каральчук Аляксей Раманавіч, Краўчук Марыя Пракоф’еўна, Барычэўскі Сямён (загінуў на фронце), Сувораў Лявонцій Міхайлавіч (растраляны гітлераўцамі ў 1941 г.).

У 1940 годзе адбылося першае камсамольскае вяселле. У вёсцы праводзілася падрыхтоўка да калектывізацыі аднаасобных гаспадарак.

22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна. Вёска Дубай была акупіравана немцамі. У першыя дні акупацыі гітлераўцы растралялі Пруса Аваакума – дэпутата сельскага савета, удзельніка Палескага паўстанцкага палка, Суворава Міхаіла – актывіста, Суворава Лявонція – камсамольца. Гітлераўцы расстралялі десяць сямей яўрэеў – жыхароў в. Дубай.

Многія жыхары в. Дубай пайшлі ў партызанскія атрады. Гэта Малей Пракопій (загінуў), Лысюк Мікалай Андрэевіч, Лысюк Сцяпан Маісеевіч, Лысюк Аляксей Васільевіч, Малей Мікалай Мікітавіч, Лысюк Уладзімір Васільевіч, Лысюк Пётр Васільевіч, Барычэўскі Сямён (загінуў) і многія іншыя.

Гітлераўцы за перыяд акупацыі забралі ў жыхароў в. Дубай больш чым 500 галоў буйной рагатай жывёлы, больш чым 200 коней, адправілі больш чым 70 чалавек на катаржныя работы ў Германію. Многія з іх не вярнуліся – загінулі ў фашысцкіх лагерах смерці.

7 ліпеня 1944 года в. Дубай была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Многія жыхары в. Дубай не вярнуліся з вайны, загінулі смерцю адважных. У экпазіцыях музея прадстаўлены наступныя экспанаты гэтага перыяду: асабістыя пісьмы, дакументы франтавікоў, узнагароды, часткі вінтоўкі, гільзы снарадаў, салдацкая баклажка і інш.

У 1949 годзе пачалася калектывізацыя. У першыя дні калектывізацыі беларускімі буржуазнымі нацыяналістамі былі зверскі забіты дырэктар школы, сакратар партарганізацыі Зайцаў Рыгор Апанасавіч і сакратар камсамольскай арганізацыі Малей Васіль Андрэевіч. На тэрыторыі в. Дубай былі створаны два калгасы: калгас імя Чкалава (старшыня Рычко Андрэй Дзям’янавіч) і калгас імя Сталіна (старшыня Каральчук Раман Сцяпанавіч). У 1953 годзе два калгасы аб’яднаны ў адзін – калгас імя Молатава. У 1956 годзе калгас перайменаваны ў калгас “Рассвет”.

Падарункі Мілячскай сярэдняй школы Ровенскай вобласці Украіны (кніжкі, пано, статуэткі) сведчаць аб моцнай інтэрнацыянальнай дружбе з украінскім народам.

У экспазіцыі “Сялянская хата” прадстаўлены асноўныя прадметы быту жыхароў в. Дубай XVIII – першай паловы XX стагоддзя: кросны, сукало, берда, терніца, ступа, прас, ліхтар і інш.

У экспазіцыі музея прадстаўлены шматлікія альбомы: “Летапіс Вялікай Перамогі”, “Гісторыя Дубайскай школы”, “Гісторыя камсамольскай арганізацыі в. Дубай”, “Летапіс піянерскай арганізацыі Дубайскай СШ”, альбомы з экскурсійнымі матэрыяламі ў Мінск, Брэсцкую крэпасць-герой, Маскву, Ленінград, Белавежскую Пушчу і інш., “120 год Дубайскай школе” і інш.